Паўлюк Трус
RSS FeedВясна
Вясна!.. Вясна!..
У цвеце нівы,
Цвітуць асмуглыя сады;
Кіпучай радасці прылівы
Хвалююць сэрца пералівам
Ў грудзях вяснова-маладых!..
I п'ю я ў моладасці мілай
Кілішкі поўныя да дна,
Што мне ў маленстве падарыла
Чароўна-светлая вясна.
Яна сустрэла мяне рана,
3 дарамі ласкавай зары,
Як сонца плавала ў тумане
Ды сосны плакалі ў бары.
Яна сустрэла мяне ў полі
3 вянкамі чараў і надзей,
Дзе песні буйныя на волі
Свабодна веялі з грудзей...
. . . . . . . . . . . . . . . .
Вясна у цвяту!
Цвітуць парэчкі,
Цвіце язмін на дне душы!..
Гаі альховыя над рэчкай
Смяюцца й журацца ў цішы.
А там, у ярах пры даліне,
У вішнях тонуць хутары,
Дзе спевы кволаю вятрынню
Калышуць змрок - вячэрні іней, -
Плывуць спакойна з-пад гары.
I ловіць сэрца ў заміранні
Акорды жыцця цераз край:
"Гара высокая ў тумане,
А пад гарой зялёны гай"...
Узыйдзе месяц над курганам
У вянках прыгожасці і чар,
I ўзорам тонкім, даматканым
Засцеле ў просіні абшар.
Рассыпле пацеркі з прыполу,
Заўе карункі на расе, -
Дзе вербы хіляцца дадолу
У сваёй чаруючай красе.
А песня коціцца далінай
Ў акордах, поўных пачуцця,
I ў сэрцы родзіць успаміны
Былых аповесцей жыцця!..
Бы ў казках светлага дзяцінства,
Жывыя вобразы ўстаюць...
. . . . . . . . . . . . . . . .
У вішнях вёска... На гасцінцы,
Чуваць, начлежнікі пяюць...
А там, ў тумане за гарою,
Званок далёка празвініць,
I ціха зноў... Па-над ракою,
Як вольны табар пры агні,
Сядзяць у світках саматканых
Малыя хлопцы. Ў тыя дні
Цвіла фантазія півоняй,
Было так весела ўсягды, -
Таму вы й мілы мне сягоння,
Мае дзіцячыя гады!..
Так мілы
Сэрцу дарагія
Дзіцячых сноў
Былыя дні.
Як сведкі,
Вобразы жывыя,
Ў красе
Паўночнай цішыні
Вы ўстаеце перада мною
На сцежках
Светлае вясны, -
Шумяць дзе ў полі
Тры сасны, -
Каб адпачыць
Я мог душою.
I там, дзе плакаў я ці мала
I выпіў боль душы да дна, -
Хачу, каб вечна красавала
Прыгожа-светлая вясна.
Вясна!.. Вясна!..
У цвеце нівы,
Цвітуць над возерам сады;
Шырокай радасці прылівы
Хвалююць сэрца пералівам
У грудзях вяснова-маладых!..
Золак вясны
Зара ружовая абуджвае далі
I сны таемныя скідае шыр-разгон;
Гамоняць, вольныя, спяваюць струны-хвалі
Жыцця бурлівага. Гудзе сталёвы звон.
На ўлонні тых жывых чырвоных гоняў,
Дзе ўчора бура нам спраўляла баль,
Жыццё хвалюецца і пеніцца сягоння,
З грудзей зямлі змывае смутак-жаль.
Мінулых дзён размытыя вадою
Дазорцы вольныя і сведкі — курганы
З туману цягнуцца, выходзяць грамадою
Пабачыць хараство чаруючай вясны.
Абшар лугоў квяцістых, кашміровых
Глытае водгулле і спеў маладняка...
Знікае смага-дым, прачнуліся дубровы,
I песня-гімн плыве ад лазняка.
Зялёны гай смяецца пад блакітам.
Празрыстым поглядам вітае рань-вясну,
А помсты вецярок гуляе на ракітах,
I казку вольнасці разносіць ён адну.
Яна (урывак)
Снег растаў. I раскатамі грому
Зазвінелі зімовыя крыгі.
Веснаплынь. Мо' каму й невядома,
Чым тут сэрца сялянкі гарыць?!
Маладая, ружовая кветка!
У руках — старажытных прылада,
Яна йдзе у разлогі палетак,
Яна йдзе на ўзбуялыя грады.
Зараслі лебядою загоны,
Лён-казак абавіўся травою,
З старажытных часоў па сягоння
Яна поле свірэпу рукою.
Апошнiя водгукi
2 года 38 недель назад
2 года 39 недель назад
2 года 40 недель назад
2 года 40 недель назад
2 года 41 неделя назад
2 года 41 неделя назад
2 года 41 неделя назад
2 года 41 неделя назад
2 года 41 неделя назад
2 года 41 неделя назад