Кастусь Цвірка

RSS Feed

Вясна

Сярэдняя: 4.8 (5 галасоў)

Незаўважна,
Непрыкметна
З сонцам ясным,
З цёплым ветрам
Я прыйшла да вас,
Калі
Тут мяцеліцы
Гулі.
— Гэй, мяцеліцы,
Даволі
Вам гуляць
У чыстым полі,
Ледзяніць
Лугі і гоні,
Край трымаць
У злым палоне!
Я на іх рукой махнула,
На ўсю моц сваю
Дыхнула,
I мяцеліцы без сілы
Апусцілі ўмомант
Крылы.
Адляглі
Уміг марозы —
Уцяклі
За вербалозы.
А без іх
Снягі памлелі,
Памякчэлі,
Пацяжэлі.
Я іх сонцам прыгравала,
Туманамі спавівала,
I снягі вунь па зямлі
Ручаямі
Паплылі.
Стала вольная
Зямля —
Як дыміцца, глянь, ралля!
Зноў па вызваленых
Нівах,
Па лугах,
Лясах шумлівых
Лёгкай я іду хадою,
Абуджаю
Ўсё жывое.
Траўку з глебы выпускаю,
Ліст бярозы
Распускаю.
Дзе ні йду я —
Гляньце, дзеткі! —
Распускаю ўсюды кветкі.
Першай вылезла на ўзлеску
Яснавокая пралеска,
За пралескай вельмі хутка
Засінела незабудка.
А за ёю
Чарадою
Кветкі сну
Пасталі ў хвоях.
Ну, а далей —
Медуніца,
Браткі,
Зябер,
Чамярыца...
Па садах прайшла няспешна
Зацвілі наўкол
Чарэшні,
Грушы,
Яблыні,
Каліна,
Абляпіха,
Арабіна...
Цэлы край — глядзі —
У цвеце!
Пасвятлела проста
Ў свеце.
I пачуўшы поступ мой,
Пазляталіся гурмой
Птушкі з выраю ў свой кут
I звіняць,
Спяваюць тут.
Ажыла ўся старана.
Гэта я іду —
Вясна!

Закон вады

Сярэдняя: 5 (1 голас)

З дарогі! Вада лёд прарвала!
Бачыце, бачыце,
як яна рынулася на волю —
вал за валам!
Хутчэй, разявака:
лёд
вада прарвала!
О як яна загаварыла,
запела,
забушавала!
А ўсю ж зіму пад лёдам,
як лінь, стаяла.
І не было цішэй вады...
А гэта —
вада лёд прарвала!
Бяжыць,
абганяючы самую сябе,
зрываючы палі, платы,
Спяшае
запоўніць нізы ўсе і ямы да краю!
Такі — закон вады:
вада пустаты не трывае...

Усе аўтары