Жанна Усцінава

RSS Feed

Красавіцкі ранак

Яшчэ не ацэнена

Красавіцкі бузун-ранак.
Пульхнашчокі пястун весні.
Вокагляду майго абраннік,
пунцавееш ў далёкім надлессі.
Белакудзерныя аблочкі
так пасуюць твайму наіву.
Над блакітнай шаўковай сарочкай
ветраскок трасе лёгкай грывай.
Ты хапаеш яго за ногі -
узлезці і пракаціцца хочаш
па расяным шэрым аблогам,
дзе спачын атрымала ночка...
Смех залівісты душу радуе:
Не ўтрымаўся!
Дробязь - няўдача!
З вуснаў сонца смачнае падае
і па небе гарохам скача.

майскае сафары

Яшчэ не ацэнена

Майскае сафары

Гэй! Сафары сёння ў мяне
з навальнічнаю майскай
рызыкай:
тут Маланкавагрывы Леў
над Растою прыціхлай
ры′кае.
У душы раптам зайграў
накцюрн-
па ўсім целе панёс
дрыжыкі…
Эх! Па мне б не прайшоў
кіпцюр
звера хіжага, жоўта-рыжага!
Твар макрэў,
халадзеў,
бялеў
пад адчайнай ліўнёвай
сілаю,
як Маланкавагрывы леў
мяў у лапішчах хмару
сінюю.

Хмара йрвалася
так і сяк,
урэшце з лаянкаю
грымотнаю
два змаганцы магутных
няўзнак
зніклі ў шыры
загарызонатвай.

Сакавіку

Яшчэ не ацэнена

Гэю-гэй!
Сакавік-снегатай!
Дырыжор ручайковых аркестраў.
Нецярплівай рукой замятай
надакукі-зімы пратэсты!
Трушчы лёд!
У грудзях брадзі
ап’яняючым думкі пахам!
Па прыступкам лясоў узыдзі
на нябёсаў блакітныя дахі!
Уніз куляйся бяздумна зноў,
павісай на дажджу вусах!
Сок пампуючы з каранёў,
дай смакоты
ўсім прагным вуснам!
Ты здзіўляк, Сакавік!
Ты блазён!
Кожны дзень не такі,
як учора.
Нам шчэ трыццаць
пранізлівых дзён
ласкатаць вокам
твой перфо´рманс.

Усе аўтары