Генадзь Бураўкін
RSS FeedПрадвесне
Пад булькатанне ручаёў
Спяшаюць нацянькі
Да сонных вёсак і гаёў
Вясновыя дзянькі.
Туман гусцее над ракой,
Над купкамі лазы.
I дзюбы чорныя ў гракоў
Ад веснавой гразі.
Сплылі з вадой сляды саней.
Ад поля —
пах раллі.
На ўзлеску
белыя, як спег,
Пралескі расцвілі.
Ударыў журавель крылом
Па соснах дзвінскіх стром.
Грыміць —
ці позні крыгалом,
Ці, можа, першы гром.
У твар дыхнула водарам вясны...
У твар дыхнула водарам вясны.
I адурманіў сіні хмель лясны.
I ўбок —
усё няпэўнае на свеце.
Убок -
зімовы халадок трывог.
Ля самых губ —
бярозавае вецце,
I кветка-сон —
каля стамлёных ног.
I звоніць, звоніць над палянай голай,
Аж песняй захлынаецца, жаўрук...
Ускінь насустрач гэтай песні голаў,
Ускінь насустрач сонцу промні рук,
Смакуй, як найсвяцейшае прычасце,
Гаркавы вецер, цёплы дух лясны...
Што ні кажыце,
ёсць на свеце шчасце,
Пакуль дурманіць сіні хмель вясны.
Шпак спявае...
Шпак спявае...
Стамлёныя крылы — ўразлёт,
Ад зямнога,
вясновага шчасця
зажмураны вочы.
Доўга песню хаваў ён за морам
ад сцюжы і слот, —
I яна ў цёплай дзюбе
цяпер і звініць
і булькоча.
Падлятае,
трымціць —
не сядзіцца шпаку,
Быццам
недзе хапіў непатухлага жару
I збіраецца
з клейкіх пупышак
на кожным суку
Распаліць
сто маленькіх
зялёных пажараў...
Апошнiя водгукi
2 года 35 недель назад
2 года 36 недель назад
2 года 36 недель назад
2 года 37 недель назад
2 года 37 недель назад
2 года 37 недель назад
2 года 37 недель назад
2 года 37 недель назад
2 года 37 недель назад
2 года 37 недель назад