Уладзімір Марук

RSS Feed

Вецер ходзіць ля акна...

Сярэдняя: 4.7 (3 галасоў)

Вецер ходзіць ля акна,
Бы сабраўся ў шлях няблізкі.
Хутка вылеціць вясна
З дзюбкі ластаўкі
ці пліскі.

I намацае крыло
У гняздзечку птушаняці
Незвычайнае цяпло,
Што ад сонца
і ад маці.

Вачаняты птушанят
Паглядзяць навокал стала...
Так
мільёны год назад
I Зямля з калыскі ўстала?

I захочацца вясне
Абнавіць лясы і пахі.
I прасветлена і мне
Паглядзяць у вочы птахі.

I ніяк не саграшу —
Іх у небе прывітаю...
Я птушыную душу
Да мужчынскай прыхінаю.

Усе аўтары