Таццяна Дзям'янава

RSS Feed

О, вясна! О, вясна-чараўніца!

Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)

О, вясна! О, вясна-чараўніца!
Ты прыйшла! Ты з'явілася зноў –
Прыгажуня ў квяцістай спадніцы,
Вышываны падол – з дзьмухаўцоў!

Ты зляцела аднекуль на дрэвы,
Ўзбудзіла пупышкі ў рост,
Падхапіла птушыныя спевы,
Захмялеўшы ад соку бяроз.

Ты аблашчыла сонейкам дахі
І зямлю – і палі, і лясы.
Ты распырскала дзіўныя пахі
І – брыльянтамі – кроплі расы.

На траву, на душу, на далоні,
На абшары дуброў і гаёў
Ты рассыпала гукі сімфоній
Праз дуэты шальных салаўёў.

Ўсё вакол забуяла, заззяла,
Заквітнела, пчалой загуло,
А тябе і таго стала мала –
Ўжо бяліла ў справу пайшло.

Ты праліла бальзам прыгажосці
На квіценне бялюткіх садоў,
Раскідала няўлоўнае штосьці
Ціхім шчасцем на плямы лугоў.

Пацягнула за ветрам кудысьці –
Па дарогах сваіх вандраваць,
І, схаваўшыся ў ліпкае лісце,
Стала дожджыкам свет паліваць.

Ўсё наладзіўшы гэткім парадкам,
Не патрапіла толькі адным:
Накідала на чыстыя градкі
Пустазеллем густым дываны...

Ці вы адчулі пах вясновы?...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Ці вы адчулі пах вясновы?
А ці пазналі родны край?
У сталакцітах крышталёвых –
Зноў сакавіцкі сонцаграй!

Цішком пракраўшыся праз межы
У нашы вёскі, гарады,
Вясна наладжвае капежы,
Дажджом растайвае ільды.

Нырае ў лункі з сантыметрам,
Каб рыбакоў ад іх прагнаць,
Шпурляе ў птушак подых ветру –
“А ну – гняздзечкі будаваць!”

Звініць адталаю вадзіцай…
Цалуе душы цяплынёй…
І промні сонца – нібы спіцы –
Нястомна круціць над зямлёй…

Змятае сон з вачэй заспаных
Ласкавым дотыкам рукі…
І, блаславіўшы закаханых,
Сплятае шчасце ў вянкі…

Якія шэдэўры стварае мастак-сакавік!

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Якія шэдэўры стварае мастак-сакавік!
Сівыя палотны грунтуючы марай-надзеяй,
Ён фарбы вясёлкі збірае на пэндзаля цвік
І ўводзіць у свет паэтычнай душой чарадзея…

Ў блакітных нябёсах малюе малінавы сон…
Запэцканы снег падсіняе шыкоўным адценнем…
Яго акварэлі змяняюць графічны сезон -
І зноў ажываюць пяшчотай паўтоны, паўцені…

Ён птушак фарбуе – каб радасцю дрэвы гулі…
Звініць ручаямі, купае ў іх цёплае сонца…
Спаўняе сімфонію “Цуды вясновай зямлі”,
Ўжываючы фарбы, і гукі, і пахі бясконца…

На дзіўную музыку промні мазкамі кладзе…
Яскравым святлом сагравае жывыя малюнкі…
І шчасце ўдыхае… Вясна-прыгажуня ідзе!
Хто ў шапку не спіць, той збірае яе пацалункі…

Усе аўтары