Золак вясны

RSS Feed
Яшчэ не ацэнена

Зара ружовая абуджвае далі
I сны таемныя скідае шыр-разгон;
Гамоняць, вольныя, спяваюць струны-хвалі
Жыцця бурлівага. Гудзе сталёвы звон.

На ўлонні тых жывых чырвоных гоняў,
Дзе ўчора бура нам спраўляла баль,
Жыццё хвалюецца і пеніцца сягоння,
З грудзей зямлі змывае смутак-жаль.

Мінулых дзён размытыя вадою
Дазорцы вольныя і сведкі — курганы
З туману цягнуцца, выходзяць грамадою
Пабачыць хараство чаруючай вясны.

Абшар лугоў квяцістых, кашміровых
Глытае водгулле і спеў маладняка...
Знікае смага-дым, прачнуліся дубровы,
I песня-гімн плыве ад лазняка.

Зялёны гай смяецца пад блакітам.
Празрыстым поглядам вітае рань-вясну,
А помсты вецярок гуляе на ракітах,
I казку вольнасці разносіць ён адну.

Іншыя вершы аўтара