Колькі той радасці у чалавека!..

RSS Feed
Сярэдняя: 4.8 (4 галасоў)

Колькі той радасці у чалавека!
Болей работы, трывогі, турбот...
Ды сустракае вясною спрадвеку
З радасцю чыстай ён птушак прылёт.

Выгляне стомлены шпак са шпакоўні,
Першае лісце пачне шалясцець —
I ўжо на сэрцы лягчэй і спакойней,
Сам ты гатовы кудысьці ўзляцець.

Скажа таварыш твой шчырае слова,
З добрай усмешкай унук падбяжыць,
Робіцца зноўку твой свет адмысловым
I адчуваеш, як хораша жыць...

Сёння мне зранку працуецца весела:
Стукнула звонка ў шыбу пчала,
Ластаўка смутак крылом перакрэсліла,
Ліпа цвісці на двары пачала.