Хадзіў я па лесе і сведчу...

RSS Feed
Сярэдняя: 3 (4 галасоў)

Хадзіў я па лесе і сведчу:
Ад звонкіх аглух галасоў.
На соснах зялёныя свечкі
Зарніцай запалены зноў.

Ды што старасвецкія свечкі!
Інакшы агонь той лясны:
Бушуе зялёная вечнасць,
Бясконцасць жыцця і вясны.

Не любіць жыццё аднастайнасці,
А прагне штодня навізны.
I цёплыя фарбы вясны —
На змену сцюдзёнай крыштальнасці...

Вясна пачынаецца з мод,
Шаўковым павеяла шэлестам.
I самы занудлівы жмот
На плацце адно раскашэліцца.

А кветкі ідуць нарасхват:
Усюды вяселлі, заручыны.
I дзецьмі засыпаны сад —
Усе каруселі раскручаны.

I новы заселены дом —
Вясёлая, добрая тэма.
I ластаўкі селі радком
На тэлевізійных антэнах.