Свята зямлі

RSS Feed
Сярэдняя: 4.3 (8 галасоў)

Першы гром быў сёння ўночы,
Дождж да дня шумеў вясёла.
Ранак вытарашчыў вочы,
Як дзіця, глядзіць наўкола.

Што за ноч магло зрабіцца!
Перайначана ўсё чыста:
Поле дыхае, дыміцца
Парай лёгкаю, празрыстай.

Набрынялыя пупышкі,
Раскалоўшыся ад грому,
Прыбіраюць цветам пышным
Кожнай яблыні карону.

Траўка вылезла ў канаўцы,
А ў гаі — чуваць за мілі —
Музыканты-выканаўцы
Конкурс майскі аб'явілі.

О зямля!
Ты ўся ў абновах!
Ты ў мільён званочкаў звоніш,
Ты на ста пявучых мовах
Весняй радасцю гамоніш.

Ты смяешся так шчасліва,
Што адразу ясна стала,
Як ты доўга, як цярпліва
Свята гэтага чакала!