Ранні жаўранак неспакою

RSS Feed
Яшчэ не ацэнена

За барамі, за грукатам трас
рушыў лёд красавіцкай ракою,
і яму адгукнуўся ў адказ
ранні жаўранак неспакою.

Ледзяное дыханне вады.
Перамёрзлых нябёсаў вышыні.
Адплываюць на крыгах сляды
дзён зімовых і лапак птушыных.

Крыгалом, як разбуджаны гром,
гучна славіць світальныя вёрсты.
Дзынкнуў дзень каля студні вядром.
Вецер слых над шпакоўнямі вострыць.

Строгі графік нястрымнай пары
ці парушаны небам з адчаем —
пераплаўлены сонцам з гары
снег сцякае ў раку ручаямі.

Стромкім кручам ці сняцца, ці не
цёплы жвір, беражанчыны гнёзды?
Ранні жаўранак песняй вясне
ўзлятае не рана, не позна.

Гэты клопат звінець — веснавы —
з крыгаломам рачным паяднаны,
нібы сэрца пад небам сівым
з несустрэтым, таемным, жаданым...